Акцыя салідарнасці з Беларуссю, Гданьск. Здымак: Яцек Касліцкі / Forum
18 сентября 2020

За нашу і вашу свабоду!

  • Facebook
  • Twitter
  • Telegram
  • VK

Беларуская рэвалюцыя завяршае разьвітаньне нашага рэгіёну з савецкай спадчынай.

Я ўдзячны рэдакцыі за запрашэньне сказаць слова пра польска-беларускія дачыненьні ў гэтыя паваротныя для майго народу дні, прычым па-беларуску. На гэта натхняюць і расквечаныя беларускімі нацыянальнымі бел-чырвона-белымі колерамі знакавыя будынкі польскіх гарадоў, і практычныя сьведчаньні салідарнасьці ад нашых заходніх суседзяў.

Гісторыя: часьцей за ўсё мы стаялі поруч

Мы ня проста суседзі: гісторыя ў нас у вялікай ступені супольная. У канфэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай некалькіх народаў беларусы былі адным з асноватворных складнікаў, несьлі сваю долю адказнасьці за супольны дзяржаўны быт. Ад Грунвальду празь бітву пад Воршай да антыкаляніяльных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя нашыя продкі стаялі поплеч. Нас яднаюць імёны Тадэвуша Касьцюшкі, Адама Міцкевіча, Станіслава Манюшкі, вялікіх дзеячоў гісторыі і мастацтва, народжаных на беларускай зямлі.

Мы ўзаемна дзяліліся сваімі культурнымі набыткамі. Польскі культурны ўплыў на Беларусь быў шматстайны — ад архітэктуры да літаратуры. А Статут Вялікага Княства Літоўскага, укладзены Львом Сапегам на старабеларускай мове, паўплываў на заканадаўства Кароны Польскай. Можа, той факт, што ўжо з XVI стагодзьдзя дзяржава нашых продкаў кіравалася не манаршай сваволяй, а зводам законаў — Статутам, і абумовіў прыхаваную да часу прагу да свабоды асобы і — адначасова — славутае законапаслушэнства беларусаў, якія нават падчас маршаў пратэсту чакаюць зялёнага сьвятла на скрыжаваньні і, становячыся на вулічную лаўку, здымаюць абутак...

Акцыя пратэсту ў Мінску. Крыніца: «Фотографы против»

Былі няпростыя моманты ў дачыненьнях двух народаў у ХХ стагодзьдзі, але добрую будучыню гарантуе ўзаемная павага да гістарычнай памяці адно аднаго і культываваньне памяці пра тое, што нас яднае. Абодва народы перажылі трагедыю пад дзьвюма таталітарнымі сыстэмамі ХХ стагодзьдзя — нацысцкай і камуністычнай. Разумеем адны адных з паўслова, чуючы назвы Катынь і Курапаты. У Катыні сталінскі НКВД забіў захопленых афіцэраў Войска Польскага, сярод якіх былі і этнічныя беларусы. А ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам той самы НКВД у 1930-я гады расстрэльваў  «нядобранадзейных» — і беларусаў, і габрэяў, і палякаў; ёсьць здагадкі, што калі не ў Курапатах, то ў нейкім іншым месцы Беларусі спачываюць ахвяры так званага «беларускага Катынскага сьпісу». Праўды яшчэ трэба дабіцца, важна, што яе дамагаецца і польская дзяржава, а я веру, што ачышчальная рэвалюцыя ўрэшце адкрые змрочныя архівы савецкіх спэцслужбаў у Беларусі.

Рэвалюцыя беларускай Годнасьці

Падзеі ліпеня-жніўня 2020 году ў Беларусі паламалі два стэрэатыпы. Першы — уяўленьне пра грамадзкую пасіўнасьць і брак салідарнасьці спаміж беларусаў, вядомых сваім індывідуалізмам. Другі — успрыманьне Беларусі як a priori прарасейскага, мэнтальна прыналежнага да расейскай цывілізацыйнай прасторы грамадзтва. Выявілася, што беларусы здольныя і на ўзаемную падтрымку, і на ўпарты працяглы пратэст. А мэта пратэсту — вярнуць уладу беларускаму народу, як бы банальна гэта ні гучала. Гэта азначае, што мэнтальна бальшыня беларускага грамадзтва належыць да дэмакратычнай прасторы заходняй цывілізацыі. Вяртаньне Беларусі на шлях свабоды закончыць вызваленьне краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ад савецкай спадчыны і паспрыяе стабільнай будучыні ўсіх краін рэгіёну, у тым ліку і Польшчы.

Акцыя пратэсту ў Мінску. Крыніца: «Фотографы против»

Беларусь стаіць на раздарожжы ў двух вымярэньнях. Гэта раздарожжа паміж свабодай і няволяй — сілы зла могуць перайсьці ў контранаступ, але беларускі народ ужо ніколі ня будзе ранейшым. А другое раздарожжа, другі выклік — ці здолее беларускае грамадзтва адстаяць, зрабіць беспаваротнай незалежнасьць краіны. Апошнімі гадамі афіцыйны Менск інтэнсіўна ствараў на міжнароднай арэне імідж Лукашэнкі як «гаранта незалежнасьці Беларусі». Але гэта ягоная сыстэмная палітыка вяла да татальнай залежнасьці Беларусі ад Крамля — эканамічнай, культурнай, вайсковай.

Цяпер Крэмль падтрымлівае аслабленага, здольнага кантраляваць краіну толькі грубай сілай менскага валадара, бо ён належыць да той самай палітычнай прасторы несвабоды, якую спрабуе кансэрваваць вакол сябе цяперашняя Масква. А гэта, у сваю чаргу, спрыяе нацыянальнай і геапалітычнай ідэнтыфікацыі тых беларусаў, якія яшчэ нядаўна вагаліся. Няма на беларускіх мірных маршах лёзунгаў накшталт ДНРаўскіх «Путин, приди!».

Акцыя салідарнасці з Беларуссю, Кракаў. Крыніца: ASW / Forum

Увесь час улады Лукашэнкі ў Беларусі былі людзі, якія адстойвалі ідэалы свабоды насуперак рэпрэсіям. Але масава беларускае грамадзтва абудзілася падчас пандэміі каранавірусу, калі высьветлілася, што ўлады ўтойваюць праўду ад народу. Тады і зьявіліся грамадзкія ініцыятывы дапамогі лекарам і хворым — ня дзякуючы, а насуперак дзяржаве. Народ, які 26 гадоў быў у паняверцы пад нэасавецкім рэжымам, палітычна сталее ў паскораным тэмпе. Мадэрная беларуская палітычная нацыя ёсьць фактам.

Рэвалюцыя Годнасьці — так называлі ўкраінскае рушаньне 2013–2014 гадоў. Беларускі жнівень 2020 году таксама найперш пра годнасьць. Нягледзячы на рызыку быць схопленымі і зьбітымі, пратэстоўцы патрабуюць павагі да сваёй волі, выказанай на выбарах, сыходу Лукашэнкі і належнага пакараньня вінаватым у нечуваным у Беларусі садызьме. А падтрымліваюць зьмены мільёны.

Што можа зрабіць Польшча

Маё пакаленьне натхняў прыклад польскай «Салідарнасьці». Але нам, беларусам, хоць мы пачыналі барацьбу за свабоду ў тыя ж 1980-я, даводзіцца цяпер заканчваць недаробленае. Нягледзячы на сур’ёзныя зьмены ў эканамічных мэханізмах за прамінулы з 1980-х час, рашучасьць рабочых яшчэ можа адыграць значную ролю ў беларускай рэвалюцыі. Сымбалічна, што сучасная «Салідарнасьць» апэратыўна арганізавала практычную дапамогу беларускім рабочым-страйкоўцам. Прадказальна ўлады Беларусі не прапусьцілі тыя фуры празь мяжу, але разнастайная — у тым ліку юрыдычная, у міжнародных інстытуцыях працы — падтрымка беларускіх рабочых застаецца актуальнай: невыпадкова ўлады скіроўваюць удар за ўдарам супраць рабочых лідэраў.

Акцыя салідарнасці з Беларуссю, Беласток. Здымак: Міхал Кошч / Forum

Ёсьць такі доўгатэрміновы аспэкт нашых дачыненьняў, як этнічныя мяншыніпольская ў Беларусі і беларуская ў Польшчы. Захады супраць арганізацыяў палякаў Беларусі, якія чыніць цяперашняя ўлада, — абуральныя. Гэта і перасьлед актывістаў Зьвязу палякаў, і абмежаваньне магчымасьці вучыцца на роднай мове. Але так чыняць улады. А беларускае грамадзтва мае іншы досьвед — паразуменьня і ўзаемнай павагі, калі ў пачатку 1990-х актывісты беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў супольна з польскімі дзеячамі зьбіралі подпісы і за беларускамоўнае, і за польскамоўнае навучаньне — калі вакол былі толькі школы з выкладаньнем на расейскай мове. А дэмакратычная Польшча сёньня можа паказваць афіцыйнаму Менску, а галоўнае — народу Беларусі прыклад належнага стаўленьня да моўна-этнічных мяншыняў, падтрымліваючы права беларусаў — карэнных жыхароў Падляшша — вучыць дзяцей у школах на роднай мове, мець сваю гістарычную памяць і разьвіваць культуру.

У сучасным сьвеце стан грамадзтва ўвесь час, а ў паваротныя моманты асабліва, вызначаюць мэдыя. Польская дзяржава фінансуе даступныя на тэрыторыі Беларусі Радыё Рацыя, адрасаванае беларусам па абодва бакі мяжы, і Белсат — адзіную ў сьвеце незалежную беларускамоўную тэлевізію. Невыпадкова журналісты гэтых і іншых непадкантрольных уладам мэдыя становяцца аб’ектамі атак сілавікоў і арыштаў. Значыць, гэта стратэгічна слушная інвэстыцыя ў падтрымку інфармацыйнага плюралізму ў Беларусі.

Матэвуш Маравецкі і Святлана Ціханоўская ў Варшаве. Здымак: Міхал Дыюк / Forum

Урэшце, пра ўласна палітычныя захады. Моцным сымбалічным крокам быў узровень, на якім высокія дзяржаўныя асобы Польшчы прымалі Сьвятлану Ціханоўскую, за якую несумненна аддала свае галасы большасьць беларусаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэта, а таксама непрызнаньне Лукашэнкі легітымна выбраным, — сыгнал і беларускаму грамадзтву, і іншым дзяржавам.

Польшча — аўтарытэтны актар міжнароднага палітычнага жыцьця. І ў сваім рэгіёне (Вышаградзкая група), і ў Эўразьвязе, і на трансатлянтычным узроўні польская дзяржава як непасрэдны сусед Беларусі мае несумненнае права дзяліцца кампэтэнтным поглядам на падзеі, і імкнуцца да каардынацыі крокаў, не дазваляць непрыхільным да свабоднай беларускай будучыні сілам падзяляць заходні сьвет у стаўленьні да Беларусі. Думаю, беларусы, якія цяпер змагаюцца за свае правы, чакаюць ад заходняй супольнасьці яснага пасланьня ў адрас Расеі: найлепшае, што яна магла б зрабіць дзеля агульнага дабра, — гэта ня ўмешвацца ў беларускія падзеі ніякім чынам.

У праваабарончай галіне, відаць, патрэбная міжнародная праўная дапамога ў зборы і кваліфікацыі фактаў масавых катаваньняў. Ужо абвешчаныя гнуткія праграмы польскай дапамогі пацярпелым, магчымасьці для студэнтаў, якіх могуць выключыць зь беларускіх унівэрсытэтаў, прадоўжыць адукацыю ў Польшчы; беларускія ІТ-спэцыялісты заўважылі прадуманую польскую прапанову рэлякацыі бізнэсаў у бясьпечныя ўмовы. Разам з тым праграмы ня мусілі б выглядаць як заахвочваньне эміграцыі зь Беларусі. Думаю, Польшча зацікаўленая ў Беларусі як у незалежным стабільным дэмакратычным суседзе з разьвітай эканомікай, а для гэтага спатрэбяцца талковыя кадры і эфэктыўны недзяржаўны бізнэс. Беларусы заслугоўваюць ніжэйшых візавых бар’ераў для паездак у Эўразьвяз; ненармальна, што сёньня гэтыя бар’еры вышэйшыя, чым для расейцаў. Добра, што ў Вышаградзкай групе дзякуючы ў тым ліку Польшчы прынята рашэньне рухацца да бязьвізу для беларусаў, не чакаючы ўзаемных захадаў ад цяперашняга Менску. 

Акцыя салідарнасці з Беларуссю, Беласток. Здымак: Міхал Кошч / Forum

Спадзяюся і ведаю, што нашыя суседзі, зь якімі мы прайшлі некалькі вякоў супольнага шляху і былі на адным баку падчас акупацыяў і злыбедаў, ставяцца да беларусаў адпаведна вялікаму прынцыпу, сфармуляванаму ў супольных антыкаляніяльных паўстаньнях XIX стагодзьдзя: За нашу і вашу свабоду!

  • Facebook
  • Twitter
  • Telegram
  • VK